Лепельский лесхоз

Новости

Лагер працы і адпачынку

На базе ДУА "Сярэдняя школа №1 горада Лепеля" па традыцыі працуе лагер працы і адпачынку з дзённым знаходжаннем. У гэтым годзе папрацаваць з карысцю, весела адпачыць і зарабіць грошы займелі магчымасць 28 вучняў.

На працягу многіх гадоў паміж установай адукацыі і лясной гаспадаркай наладжана цеснае супрацоўніцтва, кожнае лета заключаецца працоўны дагавор на арганізацыю працоўнай дзейнасці.

Завітала ў дэндрапарк сонечнай раніцай, дзе хлопцы і дзяўчаты пасля смачнага сняданку завіхаліся ля дагледжаных дрэў і дэкаратыўных кустоў.

— Які фронт работы вызначаны для вучняў на перыяд лагера? — звяртаюся да Сняжаны Тухта, інжынера-лесапатолага аддзела лясной гаспадаркі Лепельскага лясгаса.

— Раздзяліліся на групы, адны праводзяць праполку маладых дрэў і дэкаратыўных кустоў, другія — падсыпаюць пілавінне і мікра- і макраэлементы.
— Колькі гадзін падлеткі праводзяць у дзень у гэтым маляўнічым месцы?

— Улічваючы ўзрост, працягласць працы складае не больш за 4 гадзіны. Таксама вялікую ўвагу надаём бяспецы. Імкнёмся стварыць такія ўмовы для моладзі, каб яны не толькі не стаміліся, а і атрымалі асалоду ад праведзенага часу ў дэндрапарку.

Яшчэ адна група дзяцей з СШ №1 працуе ў гадавальніку, дзе займаюцца праполкай маленькіх елачак.

Прыемна, што кожны год калектыў лагера абнаўляецца. За 18 дзён дзеці дакладна пачынаюць разумець, што за дрэвамі таксама трэба даглядаць, і нават не менш, чым за клумбай. Такія навыкі, упэўнена, ім спатрэбяцца ў жыцці.
Акрамя гэтага, прывіваецца любоў да прыроды, роднага краю. Многія хлопцы і дзяўчаты адзначылі, што дома расказваюць бацькам пра цікавыя пароды дрэў, якія яны бачылі ў дэндрапарку, наведваюць яго з сябрамі і блізкімі.
У 14-15-гадовым узросце многія падлеткі знаходзяцца на шляху выбару будучай прафесіі, тым самым выхаванцы лагера маюць магчымасць пазнаць прафесійную дзейнасць лясной гаспадаркі і нават атрымаць навыкі "лясной" спецыяльнасці.

А яшчэ, як вядома, у дэндрапарку ёсць расліны, якіх мы не ўбачым у нашых лясах, таму тут школьнікі даведваюцца пра іх шмат цікавай інфармацыі.

Для даведкі. Расліны тут размешчаны па такіх геаграфічных зонах, як флора Еўропы; флора Крыма, Каўказа, Сярэдняй Азіі і флора Паўночнай Амерыкі. У калекцыю ўваходзіць больш за 61 від дрэў і кустоў, усяго больш за 2610 раслін.
У цяперашні час вялікая ўвага надаецца беражлівым адносінам да лясных багаццяў, і такое супрацоўніцтва школы з лясгасам мае добры выхаваўчы эфект.

Ну і, канечне, за сваю працу падлеткі атрымаюць заслужаную заработную плату. Для многіх гэта будуць першыя заробленыя грошы. Спадзяёмся, што яны зробяць для сябе выснову: «Каб чагосьці дасягнуць, трэба добра папрацаваць».
Акрамя працы ў лагеры таксама праводзяцца культурна-масавыя мерапрыемствы, так што летнія канікулы для іх павінны запомніцца надоўга.

Изменен телефон
Что нужно знать о запрете на посещение лесов?